КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,

сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)